ТРАДЫ́ЦЫЯ І НАВА́ТАРСТВА,
супрацьлеглыя і адначасова ўзаемадапаўняльныя тэндэнцыі ў развіцці маст. творчасці і культуры наогул. Традыцыя (ад лац. traditio перадача, паданне) у шырокім сэнсе — культ. спадчына народаў, сусв. і рэгіянальных цывілізацый, якія актуалізуюцца ў кантэксце сучаснасці, служаць асновай для развіцця нац. культуры і надаюць ёй цэласнасць і самабытнасць; У культуралогіі традыцыя — сукупнасць архетыпаў аўтэнтычнай нац. культуры, выяўленых у міфалогіі, рэлігіі, абрадах, фальклоры і інш., якія выступаюць у якасці ўзораў, норм паводзін і маральных імператываў. Наватарства (ад лац. novator абнавіцель, вынаходнік) характарызуе адкрытасць культуры для канструктыўных навацый і міжнац. культ. ўзаемадзеяння, змену яе парадыгмаў і сэнсавых значэнняў. Пераемнасць у развіцці культуры адбываецца праз дыялектычна супярэчлівае адзінства і ўзаемапераходы Т. і н. Канструктыўныя навацыі актуалізуюць традыцыю, уключаюць яе ў дынаміку сучаснага творча-культ. працэсу і паступова самі набываюць статус традыцыі. Суадносіны паміж Т. і н. — велічыня пераменная, неаднолькавая на розных этапах развіцця грамадства. Першую універсальную традыцыю маст. культуры стварыла ант. цывілізацыя. Сярэдневяковая культура, арыентаваная на сакральныя каштоўнасці, выступала ў якасці антытэзы да ант. традыцыі, але разам з тым дапасавала да хрысц. ідэалогіі развітыя формы ант. філасофіі, навукі, выяўл. мастацтва. Гэты «селекцыйны» працэс адмаўлення ўстарэлых форм традыцыі і трансфармацыі яе лепшых дасягненняў працягваўся ў эпоху Адраджэння, новага часу, рэалізаваўся ў культ. творчасці 20—пач. 21 ст.
Архетыпы бел. культ. традыцыі сфарміраваліся на стыку шматвяковай нар. культуры і хрысц. цывілізацыі. Эпоха гуманіст. Адраджэння здолела сінтэзаваць ант. рэалізм і эстэтызм з напружанай хрысц. духоўнасцю (Ф.Скарына, М.Гусоўскі, М.Сматрыцкі, гатычны і рэнесансавы стылі ў архітэктуры і выяўл. мастацтве). Барока як стыль эпохі выступіла ў якасці антытэзы да эпігонскай стылізацыі ў мастацтве і адначасова дапасавала да новага культ. кантэксту папярэднія адкрыцці ў галінах эстэтыкі, красамоўства, тэатр. і выяўл. мастацтва, стварыла бел. варыянт еўрап. мураванай архітэктуры, самабытны стыль драўлянага дойлідства 17—18 ст. Нарматыўная эстэтыка класіцызму вярнулася да ант. і рэнесансавых традыцый; сінтэз класічных і барочных традыцый выявіўся ў л-ры (М.К.Сарбеўскі, Сімяон Полацкі), выяўл. і тэатр. мастацтве. Станаўленне новай бел. л-ры ў 19 ст., развіццё інш. відаў прафес. мастацтва на Беларусі ў 20 ст. адбываліся на аснове нац. традыцый і наватарскіх адкрыццяў польскай, рус. і агульнаеўрап. маст. культуры.
Літ.:
Бушмин А.С. Преемственность в развитии литературы. 2 изд. Л., 1978;
Ладыгина А.Б., Гринин В.В. О преемственности в искусстве. М., 1982;
Степанцевич К.И. Новые тенденции в развитии белорусского музыкального искусства: (Конец 1950-х — первая половина 1970-х гг.). Мн., 1981;
На грани тысячелетий: Судьба традиций в искусстве XX в.: [Сб. ст.]. М., 1994.
У.М.Конан.
т. 15, с. 497